Агульнарэспубліканскі перапіс белых буслоў, якія гняздуюцца, у Беларусі праводзяць з 1957 года, пры гэтым апошнія 50 гадоў такую працэдуру выконваюць кожныя 10 гадоў. Такія даследаванні, растлумачылі ў нацпарку, дапамагаюць атрымліваць каштоўную інфармацыю для вывучэння экалагічнай сітуацыі. Змяненні колькасці белага бусла з'яўляюцца індыкатарам для ацэнкі стану прыроднага асяроддзя, уплыву на яго дзейнасці чалавека. На аснове гэтых звестак могуць быць прыняты рашэнні для паляпшэння экалогіі.
Так, на працягу ліпеня навуковыя супрацоўнікі нацпарку абследавалі больш за 30 вёсак на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях і ў буферных зонах. У "Прыпяцкім" буслы пасяліліся ў 19 вёсках. Усяго было выяўлена 85 гнёздаў, з якіх 77 аказаліся жылымі, дзе бацькі-буслы выгадавалі каля 211 буслянят. Лепшымі прыстанішчамі для буслоў сталі аграгарадок Ляскавічы, дзе налічылі 31 гняздо і 71 бусляня, а таксама горад Тураў - 21 гняздо і 72 бусляняты. За апошнія некалькі гадоў у гэтых населеных пунктах колькасць гнёздаў белага бусла павялічылася. У астатніх вёсках колькасць птушак знізілася, значна зменшылася колькасць жылых гнёздаў, а недзе бусел знік зусім", - паведамілі ў нацпарку.
Маніторынг паказаў пэўную тэндэнцыю ў вырашэнні "кватэрнага пытання" сярод буслоў, дакладней - у перавагах для будаўніцтва новых гнёздаў. "Калі раней у якасці апоры птушка выбірала саламяныя і шыферныя дахі, ствалы высокіх старых дрэў, то цяпер большасць гнёздаў пабудаваны на бетонных слупах ліній электраперадачы", - растлумачылі спецыялісты, удакладніўшы, што традыцыйных апор становіцца ўсё менш.
"Цікава, што ўсе гнёзды ў Ляскавічах размяшчаюцца на слупах ЛЭП, а ў Тураве буслы пабудавалі два новыя гнязды на будынках і пладовых дрэвах, адно - на шыферным даху, тры - на дэкаратыўных архітэктурных выступах і збудаваннях дахаў будынкаў дома культуры, дзіцячага сада і гарадскога выканаўчага камітэта. Тры гнязды буслы звілі на комінах, астатнія - на слупах. У Хлупіне засталося апошняе гняздо на трысняговым даху хлява", - расказалі ў нацпарку.
Атрыманую інфармацыю перадалі ў НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Вучоныя дэталёва прааналізуюць даныя, зробяць высновы, абазначыўшы тэндэнцыі.