Мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, мясцовыя рэферэндумы, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадскіх справах. (Артыкул 117 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
Мясцовыя Саветы дэпутатаў выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на чатыры гады. (Артыкул 118 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
Кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым ім парадку і зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў. (Артыкул 119 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах кампетэнцыі вырашаюць пытанні мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў. (Артыкул 120 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь)
Да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў належаць:
- зацвярджэнне праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, мясцовых бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні;
- Усталяванне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў;
- вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю;
- прызначэнне мясцовых рэферэндумаў (Артыкул 121Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі.
Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца вышэйстаячымі прадстаўнічымі органамі.
Рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца адпаведнымі Саветамі дэпутатаў, вышэйстаячымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, якія абмяжоўваюць або парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, а таксама ў іншых прадугледжаных заканадаўствам выпадках могуць быць абскарджаны ў судовым парадку. (Артыкул 122. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
У выпадку сістэматычнага або грубага парушэння мясцовым саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства ён можа быць распушчаны Саветам Рэспублікі. Іншыя падставы датэрміновага спынення паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў вызначаюцца законам. (Артыкул 123. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).