Баль гамяльчан сабраў прыхільнікаў лепшых традыцый на набярэжнай Сожа ў парку каля Лебядзінай сажалкі. У бягучым годзе Гомель адзначыць 881-годдзе з першага згадвання ў летапісных дакументах, і гэтай даце было прысвечана мерапрыемства.
Пачало дзейства маляўнічае касцюміраванае шэсце ад Гарадскога цэнтра культуры да набярэжнай ракі Сож.
Сам баль уключаў два аддзяленні танцавальнай праграмы. У бальнай карце - вальс знаёмстваў, падэграс, полька-тройка, гранд-марш, падэспань, рускі вальс, свецкі ручаёк і інш. Каб пары маглі адпачыць, а гледачы - атрымаць асалоду ад эстэтыкі вечара, былi прадугледжаны таксама творчыя нумары і паказальныя выступленні танцавальных клубаў і аб'яднанняў.
Дрэс-код - абавязковая ўмова для ўдзельнікаў. Для дам гэта бальныя сукенкі з крыналінам або без, веер і пальчаткі. Кавалеры павінны былi апрануцца ў белую кашулю і чорныя штаны, дапоўніўшы вобраз гальштукам-бабачкай, чорнымі туфлямі і пальчаткамі.
Арганізаваў баль Гомельскі гарадскі цэнтр культуры. Быў запланаваны ўдзел клубаў гісторыка-бытавога, бальнага танца Гомеля і іншых гарадоў Беларусі.