30 Ліпень 2025

На пасяджэнні аблвыканкама падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельшчыны ў першым паўгоддзі

Абмеркавалі таксама выкананне бюджэту вобласці ў справаздачным перыядзе. Пасяджэнне вёў кіраўнік рэгіёна Іван Крупко.

Сем з дзевяці
Увагу акцэнтавалі на выкананні ключавых паказчыкаў матрыцы задач, даведзеных для выканання ў студзені – чэрвені бягучага года. З дзевяці ключавых параметраў выканана сем, у тым ліку па росце заработнай платы, уводзе жылля і зніжэнні затрат. Засталося падцягнуць работу ў сельскай гаспадарцы і дасягнуць неабходнага ўзроўню валавога рэгіянальнага прадукту.
Добра спрацавалі ў справаздачным перыядзе будаўнічы комплекс, сфера гандлю і паслуг, інфармацыя і сувязь. Павялічваць паказчыкі неабходна прамыслоўцам, у аграсектары і транспартнай сферы.
У цэлым, падкрэсліў губернатар, рост эканомікі на Гомельшчыне забяспечаны. Адзначана станоўчая дынаміка ў знешнім гандлі, нарошчванні экспартных паставак. У другім паўгоддзі прагназуецца прырост паказчыкаў на прадпрыемствах «Гомельэнерга», «Гомсельмаш», «Гомельшкло», шэрагу іншых. Да канца верасня кампенсаваць адставанне павінна сельскагаспадарчая галіна.

Чакаем большай аддачы
Ацанілі вынікі дзейнасці вядучых прадпрыемстваў рэгіёна. Нядрэнныя вынікі паўгоддзя ў прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім». А вось у арганізацыях «Беллегпрама», «Белхарчпрама» трэба падымаць аб'ёмы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, якія праселі. Падчас пасяджэння абмеркавалі варыянты выпраўлення сітуацыі і выхаду ўжо сёлета на станоўчую дынаміку.
Большай аддачы рэгіён чакае таксама ад прадпрыемстваў у сферы металургіі, ЖКГ, на чыгуначным транспарце. Арганізацыі інфармацыі і сувязі ў цэлым спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, аднак на пасяджэнні агучылі прэтэнзіі жыхароў рэгіёна на дрэнную якасць тэлефоннай сувязі воддаль ад буйных населеных пунктаў. Пытанне ўзята на кантроль, спосабы вырашэння праблемы будуць абмяркоўвацца на рэспубліканскім узроўні.

Асаблівую ўвагу губернатар Іван Крупко звярнуў на рэалізацыю праграмы «Адзін раён – адзін праект». Увод аб'ектаў ідзе па графіку, аднак здача ў эксплуатацыю цэлага шэрагу новых вытворчасцяў запланавана ў снежні. Было падкрэслена, што па асобных праектах тэрміны будаўніцтва неабходна перамяшчаць, не зацягваць увод да апошняга.

Будоўля і сяло – трымаць тэмпы
Станоўчую ацэнку атрымала праца будаўнічага комплексу Гомельшчыны. Асноўныя заданні па ўводу жылля, сацыяльных і прамысловых аб'ектаў выкананы. Забяспечаны значны рост індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Важна не выпусціць узяты тэмп да канца года, адзначыў губернатар Іван Крупко.
Разглядаючы становішча спраў на транспарце, пазначылі неабходнасць узмацніць работу па зніжэнні затрат. Павелічэння аб'ёмаў перапампоўкі сыравіны чакаюць ад трубаправоднага транспарту. Задача павялічыць вытворчыя паказчыкі пастаўлена прадпрыемству «Гомельводаканал».
Дэталёва абмеркавалі вынікі работы сельскагаспадарчай галіны. Умовы надвор'я пакуль стрымліваюць тэмпы палявых работ, аднак у плане ўраджайнасці сезон характарызуецца ростам да папярэдняга года. Да канца верасня АПК плануе выйсці па аб'ёмах вытворчасці ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі з тэмпам 109% да аналагічнага перыяду 2024-га. Да канца года – на 111%.

Прыярытэт бюджэтнай палітыкі
На пасяджэнні таксама падвялі вынікі выканання бюджэту Гомельскай вобласці ў першым паўгоддзі. За справаздачны перыяд у бюджэтнай сферы рэгіёна забяспечана выкананне як сацыяльна гарантаваных абавязацельстваў (выплата заробкаў, пенсій, дапамог, іншых трансфертаў насельніцтву), так і даўгавых абавязацельстваў на мясцовым узроўні.
Як і раней, бюджэтная палітыка, падкрэсліў кіраўнік вобласці, накіравана на захаванне сацыяльнай арыентаванасці і планамернае павышэнне ўзроўню дабрабыту грамадзян.
Удзел у пасяджэнні прынялі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.

Даслоўна

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко: «Настройваю ўсіх кіраўнікоў на зладжаную, руплівую працу. Не расцягвайце тэрміны выканання задач, не пакідайце рашэнне на апошні момант».


Правда Гомель

Яндекс.Метрика