Новыя памеры БПМ зацверджаны на перыяд з 1 мая па 31 ліпеня 2023 года. Размова ідзе аб памерах бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах.
Так, памер БПМ у сярэднім на душу насельніцтва складзе Br352,13, гэта значыць на 3,1 працэнта вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў у перыяд з 1 лютага па 30 красавіка гэтага года.
У міністэрстве расказалі таксама аб памеры БПМ для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп. Для працаздольнага насельніцтва ён складзе Br389,53 (раней - Br377,14); пенсіянераў - Br265,96 (раней - Br256,7); дзяцей ва ўзросце да трох гадоў - Br224,26 (раней - Br217,39); дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў - Br308,56 (раней - Br300,03); дзяцей ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў - Br378,15 (раней - Br365,76).
Як растлумачылі ў Мінпрацы, у сувязі са змяненнем БПМ з 1 мая гэтага года аўтаматычна пераглядаюцца розныя надбаўкі і павышэнні, убудаваныя ў сістэму сацыяльнай абароны, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты, якія вылічваюцца ад памеру БПМ. Значыць, змяняюцца памеры дзярждапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, павышэнні да пенсій для асобных катэгорый пенсіянераў, даплаты і надбаўкі пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама дапамогі па доглядзе інваліда I групы альбо асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, і сацыяльныя пенсіі.