Нагода да візіту ў аддзяленне кансультатыўнай педыятрычнай дапамогі ў дзяўчынкі і яе маці Алены важная – прышчэпка па ўзросце.
– Абавязкова робім усе патрэбныя вакцыны своечасова, – запэўнівае дабрушанка. – Ева – другое маё дзіця, і вопыт сведчыць, што прапускаць такія працэдуры нельга. Бацькам трэба загадзя клапаціцца аб наступствах інфекцый і бараніць дзяцей усімі магчымымі спосабамі.
Адна ін’екцыя – і ў прышчэпачны пакой да медсястры Ліі Паверанай уваходзіць наступны маленькі наведвальнік.
– За дзень прымаю да трыццаці чалавек, – кажа медыцынскі работнік. – Кампанія па прафілактыцы грыпу і яго наступстваў набірае абароты. Штодня на прыём зазіраюць мамы з дзецьмі дашкольнага і школьнага ўзростаў. А вы ведаеце, што прышчапіць маленькага ад грыпу можна ўжо з 6 месяцаў? Толькі ёсць нюанс: дзецям да трох гадоў пасля патрэбна яшчэ рэвакцынацыя.
Наконт таго, ці хопіць усім жадаючым прэпарата, Лія Павераная дае адназначны адказ: хопіць. Але і тэрміны вакцынацыі патрэбна вытрымліваць.
Таму спецыяліст раіць паспяшацца ў аддзяленне і атрымаць абарону ад віруса.