Валянціна ЖУМІГІНА, бухгалтар:
– На маю думку, адукацыя ў нас на ўзроўні. Здаецца, праграма ў дзяцей, бы ў акадэмікаў, столькі ім патрэбна ведаць. Вядома ж, хочацца, каб маладое пакаленне добра разбіралася ў класічных прадметах: роднай мове, матэматыцы, геаграфіі. Гэта база, што застанецца з імі на ўсё жыццё. Але я не супраць, каб школьная праграма ішла ў нагу з надзённымі патрэбамі грамадства. Хай вучацца разбірацца ў сваіх гаджэтах, асвойваюць асновы камунікацыі ў Сетцы. Дзеці павінны памятаць: які б век ні быў, адно з галоўных уменняў чалавека – быць добразычлівым і спагадлівым.
Андрэй ДАВЫДАЎ, старшыня Баршчоўскага сельвыканкама:
– Пералік школьных прадметаў для вучняў, на мой погляд, досыць збалансаваны. Яго асабліва не мяняў бы. А вось наконт факультатыўных заняткаў варта б было падумаць. Напрыклад, увесці для сярэдняга і старэйшага звяна рэлігіязнаўства з ухілам на праваслаўе. Лічу, што менавіта на такіх гадзінах дзецям раскажуць пра галоўная якасці, якія павінны быць у кожнага: павага да старэйшага пакалення, адказнасць перад сям'ёй і блізкімі за свае паводзіны, хрысціянскія каштоўнасці. Традыцыі патрэбна берагчы. Таму прапаную падумаць наконт факультатыва па краязнаўстве. У прыватнасці, курсе па вывучэнні гісторыі роднай вёскі.
Ніна БАБРАЎНІЧАЯ, загадчыца Баршчоўскага ФАПа:
– Мае дзеці ўжо выраслі, таму ад школы я аддалілася. Але часта на лекцыі і пазакласныя заняткі да мяне ў ФАП прыходзяць мясцовыя падлеткі. Ведаеце, яны такія цікаўныя! Часам сама заслухваюся іх разважаннямі. Як медык хачу, каб кожны мог аказаць першую даўрачэбную дапамогу, ведаў асновы вядзення здаровага ладу жыцця, мог адэкватна ацэньваць стан свайго здароўя. Рада, што курс асноў бяспекі жыццядзейнасці, што ёсць у старэйшых рабят, дапаможа ім атрымаць актуальныя і жыццёва неабходныя веды.