Атмасфера святочная, адчуваецца, што людзей аб'ядноўвае павага да гераічнага мінулага Радзімы.
З імем Кастрычніцкай рэвалюцыі мы звязваем многія перамогі і здзяйсненні нашага народа, гаварылася ў прывітанні да ўдзельнікаў мітынгу. Сёння Беларусь ідзе ўласным шляхам развіцця, здабываючы важныя ўрокі з мінулага.
- Шанаваць гісторыю сваёй краіны-наш абавязак, - адзначыла ў сваім выступленні першы сакратар райкама БРСМ Надзея Бакіева. - Мы пастараемся ўзяць з мінулага ўсё лепшае, захаваць яго і прымножыць.
Намеснік дырэктара Добрушскай папяровай фабрыкі Аляксандр Мартынаў нагадаў гараджанам важныя падзеі ў развіцці горадаўтваральнага прадпрыемства, звязаныя з паслярэвалюцыйнымі падзеямі. Гэта, напрыклад, прысваенне фабрыцы назвы «Герой працы», узнагароджанне ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Яркім момантам урачыстасці стала выкананне добрушскімі салістамі песні-сімвала кастрычніка.
З яе фінальным акордамі да падножжа помніка Уладзіміру Леніну ляглі пунсовыя гваздзікі і рознакаляровыя хрызантэмы. Добрушане памятаюць!