19 Верасень 2023

Як музейны пакой Кармянскай СШ Добрушскага раёна дапамагае вучням падарожнічаць у мінулае вёскі

Аграгарадок Карма – адзін з самых багатых у раёне на выдатных людзей. Пісьменнік Іван Шамякін, мастак Акім Шаўчэнка, кінарэжысёр Мікалай Калінін… Аб кожнай з гэтых постацяў ёсць і афіцыйныя кнігі, і відэахронікі. Але толькі тут, на палічках школьнага музейнага пакоя, захаваліся адзінкавыя рэчы, што не знойдзеш ні ў адным іншым месцы.

Як пасля такога не зацікавіцца скарбонкай унікальных сельскіх экспанатаў? Вось і мы не змаглі прайсці міма. Тым больш, што на экскурсію запрасіла дырэктар установы Кацярына Балюнова.

– Міні-музей у школе існаваў даўно, – расказала яна. – Спачатку асновай экспазіцыі былі побытавыя рэчы, якімі карысталіся нашы продкі: грабяні, прасы, маслабойкі. Большасць прадметаў – драўляныя, відавочна, самаробныя.

Кармянскія рукадзельніцы перадалі з унукамі ў школу і некалькі дзясяткаў ручнікоў, абрусаў, тканых дарожак на падлогу. Упрыгожаны вышыўкай тэкстыль уражвае не толькі карпатлівай работай, але і… народным гумарам.

– Пад столлю сабралі асобную экспазіцыю ручнікоў. Некаторыя зроблены з нуля – ад ніткі да вязаных кручком карункаў па нізе вырабу, – дэманструе непаўторную калекцыю Кацярына Балюнова. – На печку паклалі адзін з самых незвычайных экспанатаў. На шараватым палатне чырвонымі літарамі майстрыха пажартавала сама над сабой і «напісала»: «Вышывала без ахоты». Дзякуючы такім душэўным экзэмплярам нашы землякі становяцца блізкімі і роднымі для падлеткаў.

Дарагія мае землякі

Абавязковая частка любой экскурсіі ў Кармянскай школе – агляд прадметаў, што датычацца работы мясцовага калгаса. Дакументы, фотакарткі перадавых працаўнікоў, ордэнскія кніжкі і білеты членаў арганізацый сціпла ловяць электрычныя прамяні пад шклом вітрын. І, вядома ж, чырвоны сцяг. Аксамітны з залатым партрэтам Леніна і гербам СССР. Сцяг актывісты гаспадаркі прывезлі ў вёску з Масквы, дзе ўдзельнічалі ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі.

Ганарацца кармянцы і тымі землякамі, што баранілі свой куток ад ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра людзей, падзеі, даты расказваюць школьнікам тэматычныя наклейкі на вокны, інтэрактыўныя кубы. Нават атмасферу для ўрока па ВАВ стварылі адмысловую. Трывожны і задуменны тон яго задае вечны агонь, што трапеча па цэнтры міні-музея.

– Інсталяцыю ды іншыя цікавасці для наведвальнікаў вырабілі гэтым летам, – удакладняе дырэктар. – Адрамантавалі пакой, паставілі новыя стэлажы, дадалі асвятлення імправізаванай печцы. І папоўнілі палічкі падоранымі экспанатамі. Вось фуражку, напрыклад, прынёс знаёмы кармянец. Спытаў: «Вам трэба?» Доўга не разважала: «Вядома ж!»

У кожнага з вышэйназваных вядомых ураджэнцаў Кармы ёсць у школьным музейным пакоі асабісты куточак. Напрыклад, вы ведалі, што савецкія прыгодніцкія хіты «Корцік», «Бронзавая птушка» зняў кармянец Мікалай Калінін? А калі наведаеце школьную экспазіцыю, вам з радасцю раскажуць і яго фільмаграфію, і цікавыя факты з вясковага дзяцінства.