14 Жнівень 2023

З цырымоніі ўшанавання лепшых камбайнераў і вадзіцеляў рэгіёна пачалася рабочая паездка старшыні аблвыканкама Івана Крупко ў Добрушскі раён

Аляксандр і Сяргей Белавусавы з сельгаспрадпрыемства «Калінінскі» – відавочныя лідары жніва-2023 на Гомельшчыне. Разам з імі ўдзячнасць за плённую працу і віншаванні за лідарства ў спаборніцтве хлебаробаў прымалі вадзіцелі, што возяць зерне ад камбайнаў, Уладзімір Скарабагаты, Дзмітрый Жмурко і Аляксандр Старацітараў.

Дасягнуць такіх вынікаў, па меркаванні кіраўніцтва рэгіёна, дапамагло захаванне дысцыпліны.

– Мы падводзім прамежкавыя вынікі, аднак упэўнены, вы захаваеце лідарства, – адзначыў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. – Надвор'е нас не балуе: высокая вільготнасць увесну, анамальная спякота летам. Аднак на прадпрыемствах, дзе кожны разумее важнасць сваёй справы, вынікі радуюць. «Калінінскі» невыпадкова ў ліку лідараў. Падрыхтаваныя камбайны, поўнае забеспячэнне добрым заробкам, харчаваннем, захаванне тэхналогіі правядзення работ дазволіла аграрыям паказаць такі высокі вынік. За імі няпроста будзе ўгнацца.

Працу аграрыяў кіраўнік рэгіёна параўнаў з выступленнямі беларускіх спартсменаў на Другіх гульнях краін Садружнасці, якія адстойваюць гонар краіны. «Так і вы – сапраўдныя чэмпіёны жніва», – адзначыў Іван Крупко, звяртаючыся да работнікаў «Калінінскага». У гутарцы з калектывам прадпрыемства ён пацікавіўся, як самі работнікі ацэньваюць арганізацыю працы і якім бачаць ураджай.

– У некаторыя дні ў полі праводзілі да 13 гадзін, – адзначыў камбайнер Аляксандр Белавусаў. – Толькі б надвор'е дазволіла, а працаваць мы прывыклі.