11 Сакавік 2024

На МТФ сельгаспрадпрыемства «Калінінскі» ў Пераросце да вырабу малака падыходзяць з павагай

У кабінеце брыгадзіра чуецца ціхі голас. Зайшоўшы ў пакой, бачым: за сталом сядзіць сама гаспадыня Раіса Ігнаценка. На абрусе ў кветачку – стос дакументаў. Жанчына старанна запаўняе калонкі лічбамі, якія амаль нячутна прагаворвае ўслых.

– Заканчваем дзённую дойку, – тлумачыць Раіса Ігнаценка. – Працэс, насуперак стэрэатыпам, заключаецца не толькі ў падключэнні кароў да апарата і атрымання прадукту. Гэта і абавязковы запіс паказчыкаў, праверка арганалептычных якасцяў малака, аналіз прагрэсу па кожнай групе жывёл.

Усяго на ферме 270 галоў дойнага статка. І за кожнай рагуляй – асаблівы догляд. Гавораць, малако ў каровы на языку. Праверым. Просім суразмоўніцу правесці нас у хлеў і паказаць, чым сілкуюцца, як гаварылі даўней, «карміцелькі». Заспелі як раз абед. На кармавых сталах – пажыўная сумесь жоўта-зялёнага колеру. Склад неаднародны.

Вядома ж, падкрэслівае Раіса Ігнаценка, ежа для дойнага статка, як і для астатняга пагалоўя, шматкампанентная. У жменьцы, што дэманструе нам сяльчанка, адразу некалькі відаў корму: камбінаваны, сілас, вітамінныя дабаўкі. І, мяркуючы па тым, як ахвотна жывёлы варушаць сківіцамі, харчаванне ім падабаецца.

А вось чым заўсёды задаволены калектыў фермы – гэта прырост пагалоўя. За яго адказвае мясцовы тэхнік-асемянатар Вольга Брыль. Дзякуючы яе старанням, толькі ў лютым на пераростаўскай МТФ нарадзіліся 34 бычкі і цёлачкі.

– Апярэджваю план, – усміхаецца работніца «Калінінскага». – У наступным месяцы ў перспектыве павінна быць 32 цяляці. Думаю, і яго выканаем з плюсам.

Але вернемся да галоўнага прадукту, без якога многія не ўяўляюць штодзённага спіса пакупак. За суткі на ферме Раісы Ігнаценка надойваюць 3 тысячы 351 кілаграм малака. Толькі за абедзеннае даенне ў той дзень тут атрымалі 465 кілаграмаў прадукту.

– Мама мяне яшчэ ў дзяцінстве папярэдзіла: малако – гэта найкаштоўнейшы напой, салодкая крыніца здароўя. Трэба адносіцца да яго з павагай, – успамінае брыгадзір з Перароста. – Прайшоў час. Цяпер замест адной каровы на асабістым падворку маю 1167 галоў агульнага статка. І тут мамінымі парадамі не грэбую. Вось і рэзультат.

vdobrushe.by