- Валерый Яўгенавіч, чаму сям'я адпускнікоў, да прыкладу, з Гомеля, павінна выбраць адпачынак у нашым раёне?
- Па-першае, у нас ёсць тры разнапланавыя аграсядзібы. Адна з іх адкрылася літаральна месяц таму. Сям'я захацела ўладкаваць у вёсцы месца, дзе можна «перазагрузіцца» ад бытавой руціны і праблем. Незвычайныя домікі і лазневы комплекс – гэта цікава, модна і адпавядае запытам турыстаў з Беларусі і Расіі, якія часцей за ўсё адпачываюць на Добрушчыне.
- Якімі хочуць бачыць аграсядзібы патэнцыйныя адпачывальнікі, каб вяртацца сюды зноў?
- Камфортнымі і ўладкаванымі. Таму добрушскія ўладальнікі месцаў адпачынку імкнуцца пастаянна паляпшаць базу: будуюць альтанкі і вогнішчы, закупляюць настольныя гульні, лыжы і наборы для бадмінтона.
Ведаю, што нашы комплексы папулярныя і ў мясцовых жыхароў. Часцей-як пляцоўкі для адпачынку на выхадных, для святкавання дзён нараджэнняў, вяселляў.
- А калі людзі прыехалі здалёк і хочуць даведацца Добруш лепей? Чым здзівім?
- Патэнцыял раёна добры. Паломнікам пакажам жаночы манастыр у Карме і месцы, дзе нарадзіўся і жыў Святы Іаан Кармянскі. Заўзятыя рыбаловы з задавальненнем парыбачаць на азёрах у Лявонцьева, Завідаўцы. І паляванне ў нас выдатная. Аматараў прамысловага турызму чакаюць на фарфоравым заводзе, адкуль ніхто з наведвальнікаў не сыдзе без сувеніра .. увогуле, у нас край разнастайны, самабытны.
А экскурсавод Пётр Філон, які стаў лепшым у прафесійным конкурсе «Пазнай Беларусь», праводзіць экскурсіі па зоне адсялення. Вось у мінулую суботу сям'я з Курскай вобласці прыязджала спецыяльна, каб паглядзець гэтыя ўнікальныя месцы.
- Уражвае! Значыць аграсядзіб у раёне павінна станавіцца больш?
– Адназначна. Тым больш што працэдура рэгістрацыі нескладаная. Будучаму ўладальніку трэба звярнуцца ў службу «Адно акно», дзе ім усё растлумачаць і дапамогуць. Галоўнае, каб уладальнікі гэтых аб'ектаў былі гасціннымі.