22 Студзень 2024

Любоў да матчынай мовы дапамагла добрушскім гімназісткам Марыі Тачыленка і Кацярыне Міхальцовай стаць пераможцамі ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах

Інакш і быць не можа, упэўнены дзяўчаты, каб зразумець прадмет, трэба найперш яго палюбіць. Беларускую мову і літаратуру для паглыбленага вывучэння яны выбралі з-за цікавасці да роднай мовы. І гэтым, падкрэсліваюць, абавязаны сваім настаўніцам: Святлане Грыневіч і Таццяне Шчагловай. 

Для паступлення ў вну адзінаццацікласніца Марыя актыўна вывучае англійскую мову і грамадазнаўства, а дзевяцікласніца Кацярына цікавіцца хіміяй і біялогіяй. Астатнія захапленні, а іх у гімназістак аказалася нямала, давялося часова адкласці: у канцы навучальнага года – экзамены, таму пакуль не да рукадзелля.

Пра свой удзел у алімпіядзе яны расказваюць з усмешкай. Пасля таго, як перажыты ўсе хваляванні, запомніліся толькі прыемныя моманты і ўрачыстасць цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў. У абедзвюх – дыплом трэцяй ступені. 

У сваіх ведах дабрушанкі былі ўпэўнены. Кацярына, напрыклад, летась была абсалютнай пераможцай абласной алімпіяды па вучэбных прадметах. Марыя таксама атрымала тады дыплом пераможцы на ёй.

Новыя поспехі і Марыі, і Кацярыне даюць магчымасць не здаваць экзамен па беларускай мове. У запасе ў дзяўчат ужо ёсць па 100 балаў за веданне роднай мовы і літаратуры.

vdobrushe.by