Добруш турыстычны

Больш пра турызм у Добрушы:

у блогу "Добрушчына турыстычная" traveldobrush.blogspot.com

у інстаграм-акаўнце @dobrush_travel


Добрушскі раён мае шэраг умоў, якія садзейнічаюць развіццю турызму:

  • займае выгаднае геаграфічнае становішча (на мяжы трох краін, а таксама знаходзіцца паблізу абласнога цэнтра - горада Гомеля);
  • валодае, як і ўся Гомельская вобласць, умерана-кантынентальным кліматам з цёплым летам і мяккай зімой;
  • тут ёсць адпаведныя прыродныя ўмовы, якія характарызуюць сціплую беларускую прыроду з яе маляўнічымі краявідамі;
  • маецца таксама і неабходны гісторыка-культурны патэнцыял, прадстаўлены помнікамі гісторыі, архітэктуры, археалогіі.

Акрамя гэтага, Добрушчына з'яўляецца радзімай многіх вядомых за межамі нашай краіны людзей: народнага пісьменніка БССР І.П. Шамякіна, мастака А.М. Шаўчэнка, кінарэжысёра Н.А. Калініна, палітычнага дзеяча Т.Я. Кісялёва, палітыка і эканаміста А.І. Вольскага і інш.

Да найбольш значных аб'ектаў турыстычнага паказу можна аднесці:

- комплекс пабудоў Добрушскай папяровай фабрыкі, 1870 года пабудовы - своеасаблівая візітная картка Добруша. Прадпрыемства стала горадаўтваральным, дазволіўшы Добрушу з невялікай вёскі вырасці ў значны прамысловы горад. Падчас другой сусветнай вайны пацярпела большая частка будынкаў, аднак нават захаваныя будынкі дазваляюць убачыць веліч вытворчасці;

 

- Добрушскі раённы краязнаўчы музей. Будынак пабудаваны ў 1909 годзе на сродкі княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч як школа для работнікаў дзяцей пісчапапяровай фабрыкі. Пасля рэвалюцыі, войнаў гэты будынак застаўся школай: агульнаадукацыйнай, музычнай, а ў 2002 годзе тут быў заснаваны музей.

- Свята-Іаана-Кармянскі манастыр у аг.Карма - будынак храма пабудаваны ў 1907 годзе, у 2000 годзе прыход храма пераўтвораны ў манастыр. Манастыр прыцягвае многіх вернікаў з Беларусі і бліжэйшых краін, бо з'яўляецца месцам захоўвання нятленных мошчаў мясцовага шануемага святога Іаана Гашкевіча. Штогод у маі і верасні ў манастыры праводзяцца рэлігійныя мерапрыемствы ў гонар памяці Іаана Гашкевіча;

 

- сядзіба Герардаў у в. Дзям'янкі – помнік архітэктуры ХІХ ст. Яго ўзводзілі архітэктары з Пецярбурга для Мікалая Мікалаевіча Герарда. Пасля рэвалюцыі сядзібу ў Герардаў адабралі, у будынку быў уладкованы дом беспрытульніка, які ў ваенны час стаў месцам для размяшчэння атрада паліцыі. Пасля вайны сядзібу пераабсталявалі ў дзіцячы псіханеўралагічны інтэрнат, а затым яна стала аздараўленчым лагерам. Сёння будынак закансерваваны, а наведванне гэтых месцаў забаронена, за выключэннем арганізаваных груп.

Таксама цікавяць праваслаўныя храмы:

  • руіны каменнай царквы ХVІІІ стагоддзя ў аг. Леніна,
  • цэрквы драўлянага дойлідства ў аг. Чырвоны Партызан і аг. Крупец.